А́ЎСТЭРЛІЦКАЯ БІ́ТВА,
адбылася 2.12.1805 паміж руска-аўстр. і франц. арміямі каля г. Аўстэрліц (цяпер г. Слаўкаў, Чэхія) у час руска-аўстра-франц. вайны 1805. Рус.-аўстр. армія (галоўнакаманд. М.І.Кутузаў, за прапанову пачакаць падмацавання фактычна адхілены ад камандавання) налічвала 86 тыс. чал., франц. — 73 тыс. План бітвы выпрацаваў ген.-кватэрмайстар аўстр. штаба Ф.Вейратэр без папярэдняй разведкі сіл праціўніка. Памылкі саюзнага камандавання ўмела выкарыстаў Напалеон і нанёс паражэнне рус.-аўстр. арміі, якая адступіла, страціўшы забітымі і палоннымі 27 тыс. чал., французы страцілі 12 тыс. чал. Вынікам Аўстэрліцкай бітвы быў распад 3-й антыфранц. кааліцыі. Аўстрыя выйшла з вайны і 26 снеж. заключыла з Францыяй мір. У выніку перастала існаваць т.зв. «Свяшчэнная Рымская імперыя».
т. 2, с. 105
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)